ДВУХПАЛА́ТНАЯ СІСТЭ́МА,

у дзяржаўным праве наяўнасць у складзе прадстаўнічага органа дзвюх палат — верхняй і ніжняй, якія дзейнічаюць раздзельна. Узнікла ў 13 ст. ў Англіі, парламент якой меў палату лордаў і палату абшчын. У практыцы парламентарызму фарміраванне палат адбываецца па-рознаму: верхняя палата фарміруецца пераважна шляхам назначэння ці спадчынна (палата лордаў у Вялікабрытаніі) або шляхам непрамых выбараў (сенат у Францыі); ніжняя — шляхам прамых выбараў насельніцтвам У Рэспубліцы Беларусь з ліст. 1996 заснаваны парламент — Нацыянальны сход, які складаецца з дзвюх палат: Палаты прадстаўнікоў, якая выбіраецца насельніцтвам на аснове ўсеагульнага выбарчага права, і Савета Рэспублікі — палаты тэр. прадстаўніцтва, члены якога выбіраюцца на мясц. Саветах дэпутатаў (па 8 ад кожнай вобласці і г. Мінска) і прызначаюцца Прэзідэнтам дзяржавы (8 членаў). Гл. таксама Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь.

т. 6, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)